Кіры́ліца — старажытная славянская азбука. Назва паходзіць ад імя славянскага асветніка Канстанціна (Кірылы) Філосафа. Мяркуюць, што створана ў сяр. 9 ст. на аснове глаголіцы і грэчаска-візантыйскага ўстаўнага пісьма. Мела 43 літары (11 ст.): 24 візантыйскага паходжання, 19 самастойных. 27 літар мелі лікавае значэнне (літара з цітлай).
Шырока ўжывалася ў стараславянскіх, потым ва ўсходнеславянскіх пісьменствах Сярэднявечча, у т. л., у старабеларускім пісьменстве (14—18 ст.). Пры развіцці моваў, якія карысталіся К., яе алфавітна-літарны склад перастаў адпавядаць яе гукавай сістэме.
Найстаражытнейшыя помнікі кірыліцы: надпісы на руінах царквы ў Праславе (9 ст., Балгарыя), на гліняным посудзе з раскопак пад Смаленскам (пач. 10 ст.), балгарскі надпіс у Дабруджы (943), берасцяныя граматы (10—15 ст.), Савіна кніга і Супрасльскі рукапіс (11 ст.), першы датаваны рукапіс — Астрамірава евангелле (1056—1057).